З вялікай асалодай Пастаўскі ТЦСАН далучаецца да рэспубліканскага праекту «Кожная пятніца — роднае, сваё».
Стартуем з козыраў: сёння ў нас адбылася надзвычай шчырая і захапляльная сустрэча, прысвечаная нашаму таленавітаму земляку Алесю Касценю. Сапраўднай разыначкай з’яўляецца той факт, што ў нашым калектыве працуе яго дачка — Ганна Хромчанка. Яна і падзялілася цёплымі ўспамінамі пра свайго знакамітага тату. Усе з непадробнай цікавасцю слухалі аповед калегі, задавалі пытанні.
Наш сучаснік Алесь Касцень пражыў цікавае, насычанае творчасцю, але, на жаль, кароткае жыццё. Плённа шчыраваў на ніве журналістыкі, педагогікі і краязнаўства, пісаў і друкаваў уласныя вершы і прозу. Мэтанакіравана папулярызаваў беларускую мову: заўжды пісаў на ёй артыкулы, літаратурныя творы, размаўляў у паўсядзённым жыцці. Яго талент і апантанасць землякі ўзгадваюць і сёння.
Завяршылася сустрэча на кранальна-лірычнай ноце: дачка паэта прадэкламавала верш, прысвечаны ёй татам.